
Насця Іванова жыве ў вёсцы Росахі. У мінулым годзе яна закончыла Хараўскую сярэднюю школу і пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі вырашыла застацца працаваць у роднай гаспадарцы. Як думаеце, кім? Механізатарам. Спецыяльнасць, яшчэ будучы школьніцай, яна атрымала ў вучэбным Цэнтры падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у Пружанах. А яшчэ ёй вельмі падабалася залезці ў кабіну трактара, на якім працаваў старэйшы брат (цяпер ён служыць у арміі). Маці спачатку была супраць такога выбару. А вось бацька падтрымаў: маўляў, яшчэ адзін механізатар будзе ў сям’і.
Адным словам, Насця Іванова ўладкавалася на працу ў ААТ "Айчына". Гэта было ў пачатку ліпеня. За дзяўчынай замацавалі трактар "МТЗ-320" - невялікую па сваіх памерах машыну, прызначаную для работы ў пладовым садзе. Менавіта тут Насця і пачала сваю працоўную біяграфію.
- Я падвозіла на трактары пілавінне і калочкі, - кажа дзяўчына. - Даводзілася выконваць і іншыя работы ў садзе.
Але выйшаў са строю рухавік яе трактара, яго адправілі на завод, і цяпер Насця займаецца рамонтнымі работамі ў новай майстэрні ў Смалянах. Мужчыны з паразуменнем адносяцца да яе і ва ўсім імкнуцца дапамагчы.
Не мог я ўстрымацца, каб не задаць дзяўчыне пытанне, ці не зайздросціць яна сваім аднагодкам, якія паступілі вучыцца і з’ехалі ў вялікія гарады?
Насця крыху задумалася і адказала:
- Нехта ж павінен заставацца і працаваць у вёсцы, бо праца на зямлі вельмі патрэбная.
Насця — сімпатычная і дапытлівая дзяўчына. Яна любіць катацца на ролікавых каньках і займаецца маляваннем. Здаецца мне, што калі яна не зверне са свайго шляху, пра яе мы яшчэ пачуем неаднойчы.
Если вы хотите поделиться с нами фото, видео и информацией о происходящем на дорогах или ДТП — пишите нам в телеграм, вайбер или отметьте в сторис инстаграм-аккаунт @tutbylive.