
– Ідэя апгрэйдзіць свой вел нарадзілася гэтай зімой. Хацелася, каб на ровары грала нейкая музыка, але не з маленькіх калонак, як ва ўсіх, а каб бахала, быццам з аўто. Спрабавалі шмат варыянтаў: свае ўзмацняльнікі, савецкія дынамікі, нават карпусы адмысловыя лобзікам выпілоўвалі. Гучала разы ў два мацней, але вага зашкальвала.
У гэтай зборцы ўся канструкцыя важыць каля 20 кілаграмаў. Акумулятары – каля 10, астатняе – гук. Акумулятараў, якія, дарэчы, ад мапеда, хапае недзе на чатыры гадзіны шчыльнага басу. Зараджаюцца ад разеткі, нічога даставаць не трэба. Гук тут – звычайныя хатнія калонкі Microlab FC-361 з узмацняльнікам і сабвуферам, купіў сабе на дзень народзінаў гадоў пяць таму. Выдаюць добрых 40–45 Вт.
Спачатку ставілі сістэму на звычайны "Аист", набыты яшчэ ў 1973 годзе. Узімку было шмат тэст-драйваў: уключалі дома, уяўлялі, як будзе гучаць на вуліцы. Было не зразумела – выкочвалі ровар на балкон, выходзілі на вуліцу слухаць, як грае з балкона, гучна ці не. Быў нават момант, калі кінулі ўсё, бо абрыдла. А потым узяў і за адзін дзень усё сабраў.
На летніх вакацыях я пайшоў на падпрацоўку на "Мотавела", хацеў зрабіць раму даўжэйшай, бо не зусім зручна было з калонкамі пад яйцамі ездзіць. Расказаў задуму мужыкам, кажу: "Давайце я вам вел прыцягну". Дык яны не адразу зразумелі пра сабвуфер, акумулятар… А потым жартаваць пачалі: "Давай яшчэ і мікрахвалёўку з лядоўняй паставім". Але зрабілі як трэба. Даўжыня рамы павялічылася амаль на паўметра, атрымаўся сапраўдны айчынны чопер.


Людзі на вуліцы рэагуюць па-рознаму: хтосьці кажа "е...нуцца!" ці "ўключы-ка нам песеньку", а сустрэў раз афрыканцаў, дык яны пачалі танцаваць побач. Падбіраю трэкі з дыхтоўнымі нізкімі частотамі, каб басіла лепей. Але ж пакуль вулічныя паці мы не ладзілі, так, бывала, у пераходзе пагрымім. Акустыка хатняя, таму лепей паказвае сябе ў закрытых памяшканнях.
Сябру на такі ж "Аист" марым Xbox з маніторам і выхадам у інтэрнэт паставіць. Праўда, акумулятар большы прыйдзецца пашукаць. Не тое каб гэта было практычна, але нам падабаецца рабіць дзеля ідэі, каб паказаць, што такое магчыма зрабіць.