Калі Аляксандр Лукашэнка быў дэпутатам, Алег Груздзіловіч з'яўляўся парламенцкім карэспандэнтам. У межах праектаў "20 лет спустя" i "Соседи в пробках" AUTO.TUT.BY сустрэўся з журналістам Радыё Свабода, які на свае вочы бачыў шлях першага прэзідэнта да ўлады. У салоне сваёй Subaru Legacy Алег расказаў пра таго Лукашэнку, які гуляў у футбол, хадзіў у лазню і піў піва разам з дэпутатамі БНФ.

"На Subaru Legacy я нават у Хаўер даехаў да самага свайго пад'езда"
Летам 2010 года Алег аддаў свой Volkswagen Passat B5 сыну, а сабе вырашыў набыць іншы аўтамабіль. - Мой знаёмы, які займаецца машынамі, прапанаваў паглядзець гэту Subaru Legacy 2003 года, якую ён прыгнаў з Амерыкі. Аўтамабіль мне вельмі спадабаўся. Ён аддаў мне яе на такіх ільготных умовах, што разлічваўся я за Lagacy яшчэ паўгады.
![]() |
Subaru Legacy з прабегам 89 тыс. міль абышлася Алегу Груздзіловічу ў 8 тыс. долараў. |
За 4 гады эксплуатацыі Subaru не патрабавала ніякіх укладанняў, за выключэннем замены "расходнікаў" і рамонта іржавеючых арак на 100 долараў. Не вельмі "б'юць" па кішэні Алега і выдаткі на паліва: па трасе машына з рухавіком 2,5 л. "з'ядае" каля 9 літраў бензіна на "сотню", а ў горадзе – 11.
- Да таго ж, гэты рухавік вельмі добра сябе паказвае ў пары з поўным прывадам. Я без асаблівых праблем дабраўся с Парка Чалюскінцаў да пад'езда свойго дома у Сухарава нават у Хаўер! Яна добра "ідзе" нават пад любую слізкую горку.
![]() |
"Бачыце, колькі пылу на рухавіку. Гэта значыць, што я ніколі ў яго не залазіў, бо ён зусім не ламаецца," – расказвае Алег. |
"Пасля таго, як разагнаўся ўдзень па праспекце да 140 – вырашыў не перавышаць"
Аднак моцны матор не правакуе нашага героя на хуткую язду. Алег кажа, што наогул вырашыў не перавышаць пасля аднаго выпадку.- У сярэдзіне 90-х у мяне быў Ford Sierra, і я выпадкова сустрэў у суседняй паласе на праспекце Скарыны свайго знаёмага на "мэрсе". Мы пачалі з ім ганяцца, а калі я глянуў на спідометр – там было ўжо 140! Больш таго, гэта быў дзень! Пасля я падумаў, якія мы былі дурні: маглі збіць каго-небудь ці самі забіцца.
![]() |
След ад адзінай аварыі Алега, калі ў яго ўехаў нейкі дзед на кальцавой. Суразмоўца вельмі задаволены ўдарастойкасцю Subaru, бо "той дзед разбіў сабе амаль увесь перад старога Renault". |
Улічваючы свой вопыт, Алег кажа, што разумее тых маладых хлопцаў, якія ездзяць па Мінску на вялікай хуткасці. А ўвогуле, па словах суразмоўцы, культура кіравання ў Беларусі стала значна лепшай у параўнанні з тым, што было ў 90-я. Аднак, па яго назіраннях, да Польшчы мы ў гэтым сэнсе яшчэ не дацягваем.
- У Польшчы я бачыў, як з-за аварыі для праезду ў абодва бакі заставалася свабоднай толькі адна паласа, і кіроўцы вельмі лёгка дамаўляліся без словаў і праязджалі па прынцыпе лесвіцы: адзін у адзін бок, другі – ў другі. У нас пакуль яшчэ няма такой самаарганізацыі, аднак культура кіравання с кожным годам павышаецца.
"Калі даішнікі даведваюцца, што я з Радыё Свабода – часцяком даруюць парушэнні"
Няма прэтэнзій у Алега і да беларускіх даішнікаў. Ён узгадвае момант, калі супрацоўнік ДАІ напачатку 2000-х паставіўся з вялікім паразуменнем нават да таго, што наш герой ехаў без правоў.- Аднойчы ў Чэхіі ў мяне скралі партманэ з правамі, і я некаторы час ездзіў без іх. І па дарозе на лецішча на кальцавой мяне спыніў даішнік. Правоў няма, а у машыне сабака, шмат скрынь для вінаграда, і я яму тлумачу, што правы скралі, а трэба апошні раз з'ездзіць за ўраджаем. Ен мяне выслухаў і… з мігалкамі суправадзіў праз наступны пост ДАІ! А потым сказаў, што яны будуць дзяжурыць да 21.00, і каб я проста вяртаўся ў Мінск пазней.
Таксама, па словах Алега, невялікія парушэнні яму даравалі і тады, калі даішнікі даведваліся, што ён - журналіст Радыё Свабода.
![]() |
Пасведчанне аб акрэдытацыі у Груздзіловіча ляжыць побач з правамі, пагэтаму не заўважыць надпісу "Прэса" даішнікі не могуць. |
- Бывала, яны бачылі маё пасведчанне і пыталі: "О, дык вы, можа, і Лукашэнку крытыкуеце?" "Так, крытыкуем," - адказваю я, і яны даруюць невялічкае парушэнне. Такія сустракаюцца сярод іх аднадумцы. А ўвогуле, усе нашы даішнікі - вельмі прыемныя і ветлівыя людзі, якія ў большасці сваей адмяжоўваюцца ад палітыкі, і правільна робяць.
"І да 1994 Лукашэнка казаў у адной частцы інтэрв'ю тое, чаму супярэчыў у другой"
Затое Аляксандр Лукашэнка не адмяжоўваецца ад палітыкі ўжо больш за 20 гадоў. Да 1994 года ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, у якім Алег Груздзіловіч працаваў карэспандэнтам парламенцкай "Народнай газеты".- Да 1994 года я некалькі разоў браў інтерв'ю у Лукашэнкі. Я павінен быў гэта рабіць як карэспандэнт парламенцкай газеты, але нічога вельмі цікавага для меня ён не казаў: усе каментары былі даволі пуставатымі. Было і такое, што Лукашэнка казаў у першай частцы інтэрв'ю тое, чаму супярэчыў у другой.
Пры гэтым Лукашэнка, ў адрозненні ад другіх дэпутатаў, па словах Алега, думаў над кожным словам і канцэнтраваўся пры кожнай сустрэчы з журналістам. Груздзіловіч узгадвае, што Аляксандр Рыгоравіч заўседы здаваўся такім - быццам адказвае за свае кожнае слова.
- Тады ў парламенце стала нормай, што ты падыходзіш да дэпутата за каментаром, а ён кажа: "Ну напішы нешта, ты ж ведаеш". А Лукашэнка заўседы спыняўся, закатваў вочы і выразна прамаўляў. Але сутнасць таго, што ён казаў, мяне не задавальняла, бо ўсе яго інтэрв'ю былі вельмі супярэчлівымі. У яго была адна задача – каб матэрыял апублікавалі і ў наступны раз да яго таксама звярнуліся.
![]() |
Алег узгадвае, што "ваду ліў" не толькі Лукашэнка, але часцяком і Шушкевіч, бо стараўся быць "і нашым, і вашым". |
Груздзіловіч кажа, што Лукашэнка наогул не выступаў у Вярхоўным Савеце, калі адтуль не вялася прамая тэлетрансляцыя. А калі камера працавала – будучы прэзідент, па успамінах суразмоўцы, заўседы ірваўся нешта выкрыкнуць падчас дыскусіі ў парламенце, што б надало яму вядомасці сярод тэлегледачоў.
- Гэта палітыка Лукашэнкі – абы засвяціцца, - была відавочна іншым дэпутатам. Канешне, праскоквалі над ім нейкія жартачкі, на што ён вельмі злаваўся.
"Не дай Бог на футболе хто-небудзь абвоздзіў Лукашэнку – ен адразу біў па нагах!"
Аднак варожасці ці непрыязнасці з боку таго ж БНФ да Лукашэнкі не было. Больш таго, Алег узгадвае, што маладыя дэпутаты правага Народнага фронту, журналісты і цэнтрыст Аляксандр заўсёды разам гулялі ў футбол.- На футбол мы ездзілі на аўтобусе і амаль заўсёды чакалі Лукашэнку па 10-15 хвілін. Нехта казаў: "Паехалі, што ён вечна спазняецца!" А той жа Антончык прамаўляў: "Ну пачакаем ужо Сашу, нельга ж так, трэба пачакаць". І прыходзіў заўсёды Лукашэнка нейкі такі хмуры, ў сваіх чырвоных шортах.
![]() |
Груздзіловіч кажа, што ў той час ніхто нават падумаць не мог, каб ставіцца да чалавека непаважліва за яго палітычныя погляды. |
На футболе, па словах Алега, будучы прэзідэнт таксама не вылучаўся пазітывам.
- На полі ён паводзіў себя вельмі некарэктна. У яго быў такі ж стыль гульні ў футболе, як і ў палітыцы. Лукашэнка заўсёды бегаў ззаду, а не дай Бог яго нехта абводзіў, ён натуральна біў па нагах!
Пасля футбола маладыя дэпутаты і журналісты хадзілі ў лазню ва Уруччы, парыліся, пілі піва ды спрачаліся пра палітыку. Паколькі Лукашэнка, па словах суразмоўцы, быў заўсёды адзін сярод апазіцыянераў, дыскусію ён прайграваў.
- Мне нават аднойчы ў такой сітуацыі стала яго шкада, і я выйшаў з парылкі, дзе яны спрачаліся, і пайшоў у басейн. Плаваю я і выходзіць, значыць, Лукашэнка: злы і чырвоны, як рак, ды плёскаецца ў ваду. Усплывае і кажа мне: "Які Саюз, бл***і, развалілі!" Тады я зразумеў, што ён фанатычны і небяспечны чалавек, раз так балюча ўспрымае простую мужчынскую гутарку ў лазні.
"Я разумеў, што Лукашэнка пераможа і будзе цягнуць краіну назад у СССР"
Пасля гэтага выпадку ў канцы 1993 года Алег Груздзіловіч вырашыў не звяртацца больш да Лукашэнкі, каб не рэкламаваць ідэі вяртання ў СССР. Аднак іншыя журналісты ахвотна бралі ў Аляксандра Рыгоравіча каментары. Алег кажа, што такім чынам яны проста спрашчалі сабе працу.- Трэба ж было браць меркаванні ад правых, левых і цэнтрыстаў. А пад апошніх лягчэй за ўсё было падвесці Лукашэнку, бо ён пакрытыкуе гэтых, пакрытыкуе тых, і ў журналіста будзе які-ніякі каментар. А я разумеў, што нельга рэкламаваць таго чалавека, які можа зацягнуць краіну назад у СССР.
Пры гэтым Алег кажа, што хоць ён і галасаваў за Пазьняка, але разумеў, што пераможа Лукашэнка. А тым калегам, якія прапаноўвалі галасаваць за Кебіча, Алег казаў: "Лукашэнка – гэта хоць і Савецкі Саюз, аднак Кебіч наогуле здасць незалежнасць". Пасля выбараў 1994 года, па словах суразмоўцы, пад пытаннем аказалася іншая незалежнасць – журналісцкая.
- На наступны дзень пасля перамогі Лукашэнкі я задаў яму пытанне: "Якая будзе ваша палітыка для свабоды медыяў?" І ён адразу пачаў гаварыць, што журналісты мусяць адказваць за свае словы і СМІ павінны падпарадкоўвацца дзяржаве. Хутка гэты сцэнар пачаў рэалізоўвацца…
"Пасля перамогі Лукашэнкі шмат журналістаў здрадзілі той свабодзе, якая была ў пачатку 90-х"
Алег Груздзіловіч сышоў з парламенцкай "Народнай газеты" ў 1995 годзе, бо яго рэпартаж пра разгон апазіцыі БНФ ў Вярхоўным Савеце не быў апублікаваны. "Быць парламенцкім карэспандэнтам і не пісаць пра асноўную падзею ў Вярхоўным Савеце – немагчыма. Я не мог так працаваць", – абгрунтоўвае свае рашэнне Алег. Пасля гэтага ен працаваў у шэрагу медыяў, а потым уладкаваўся на Радыё Свабода.- Шмат жа маіх калегаў перайшлі на рэйкі дзяржаўнай журналістыкі і забылі пра тую свабоду пачатку 90-х. Забыліся пра тое, як тады лёгка дыхалася. Яны проста здрадзілі той свабоде. А тых, хто застаўся на сваіх пазіцыях, – вельмі мала.
![]() |
З радыёстанцыямі, па словах Алега, у Беларусі таксама бяда: пасля закрыцця "Авторадио" адзінае, што ён можа слухаць – Радыё "Сталіца", дзе "можна пачуць якасную музыку, прыемную беларускую мову ды пасмяяцца з "саўковых" навін". |
Панізіўся ў параўнанні з пачаткам 90-х, па назіраннях Груздзіловіча, і агульны ўзровень беларускіх журналістаў. Ён кажа, што асабліва гэта тычыцца дзяржаўных выданняў.
- У Нацыянальным прэс-центры дзяржаўныя журналісты амаль не задаюць пытанні чыноўнікам! Яны карыстаюцца іх адказамі на запытанні незалежных журналістаў, і мы бачым потым гэту інфармацыю на дзяржаўных сайтах. Канешне, калі ён задасць смелае пытанне, то кіраўнік заўтра скажа: "Ты что, вообще, ты думай о чем спрашиваешь!"
Тое самае, гаворыць Груздзіловіч, адбываецца і на прэс-канферэнцыях Лукашэнкі.
- Ну што гэта такое, калі выходзіць нейкая Нюшка з Чавус ці Барысава і пытае: "А якія падаруначкі вы пакладзеце пад ёлачку для Колі?" Добра, што на гэтыя прэс-канферэнцыі яшчэ завуць незалежных журналістаў, якія могуць задаць нармальнае пытанне. Тыя, хто арганізоўваюць гэтыя мерапрыемствы, разумеюць, што без прадстаўнікоў незалежных выданняў прэс-канферэнцыя з пытаннямі пра "падаруначкі пад ёлачку" проста ператворыцца ў агульны смех.
"Пасля перамогі ў 1994 Лукашэнка сказаў сабе: "Усё, я другі чалавек!"
Аднак змяніліся не толькі журналісты на Беларусі. Па словах Груздзіловіча, за 20 год стаў іншым і першы кіраўнік дзяржавы.- Лукашэнка – вельмі фармальны чалавек. І ён 20 год таму перагарнуў для сябе старонку і сказаў: "Усё, я другі чалавек! Я ўжо на другім узроўні і не буду апускацца да таго, што было раней!"
![]() |
Амаль столькі, колькі Лукашэнка пры ўладзе, ў Алега ў машыне знаходзіцца гэта сушаная жабка з Крыма – маўляў, прыносіць удачу. |
За 20 год Лукашэнка, па меркаванні Груздзіловіча, стаў больш палітычна разбэшчаным і чалавекам "без тармазоў". Алег акцэнтуе ўвагу на тым, як зараз прэзідэнт "тыкае" нават сваім старэйшым падначаленым. Пры гэтым, па словах суразмоўцы, да журналістаў Лукашэнка ўсё ж ставіцца лепей.
- На прэсавых канферэнцыях ён захоўвае фармальна-паважлівае стаўленне да журналістаў. Але ўсё часцей у яго праскокваюць такія выказванні: "А хто гэта такі?", быццам ён насамрэч забыў прадстаўніка СМІ. Калі Лукашэнка быў дэпутатам, ён так сябе не паводзіў…