Ігар Скрыпка, фота аўтара,

Бадай што немагчыма пералічыць усе віды адпачынкаў, якія існуюць на свеце. Хочаш паваляцца два тыдні на гарачым пяску каля мора? Калі ласка - захаці, заплаці і едзь. Хочаш пакатацца на горных лыжах? Таксама ніякіх праблемаў. Можаш нават правесці ўсе вольныя дні на канапе перад тэлевізарам, альбо сплаўляючыся на байдарцы па рэчках, альбо... Яшчэ раз паўтару, што варыянтаў ёсць безліч. Але зараз мне б хацелася паразмаўляць пра той варыянт, які я ўмоўна назаву "веласіпедным".


Iгар Скрыпка 
 
Насамрэч ровар як сродак рэкрэацыі ўжо заваяваў даволі шмат прыхільнікаў у нашай краіне. Праўда, у большасці выпадкаў успрымаецца як "адпачынак аднаго дня". Раніцай выехалі, дзень пакаталіся, вярнуліся да дому. Вельмі, зрэшты, цікавы варыянт, сам яго надзвычай паважаю. Ён дае магчымасць не проста актыўна і з задавальненнем адпачыць, але яшчэ і пабачыць шмат што з таго, чаго звычайна пабачыць не зможаш, і ўсё гэта - адносна недалёка ад дома. Я, напрыклад, дзякуючы такім паездкам, пабачыў вельмі шмат цікавых мясцінаў у адлегласці літаральна кіламетраў дваццаці ад Мінска.
 
Але што рабіць, калі хочацца правесці са сваім двухколавым сябрам не адзін дзень, а некалькі, і можа нават не дзён, а тыдняў? Вось пра гэта я і распавяду зараз.
 
Зразумела, адпачынак з роварам - гэта турызм. Дакладней, велатурызм. І калі разглядаць велатурызм увогуле, дык можна падзяліць яго на тры часткі:
 
1. Турызм экстрэмальны. У дадзеным выпадку слова “экстрэмальны” даволі ўмоўнае і не зусім дакладнае, але лепшага я проста не прыдумаў. Дык вось, гэта той від велатурызма, які найбольш папулярны на цяперашні час на Беларусі. Любы чалавек сядае на ровар, загружаецца торбамі, намётамі, спальнікамі і іншым турыстычным рыштункам, едзе куды хоча, спіць дзе спадабалася (у намёце ці проста пад адкрытым небам), сядзіць ля вогнішча… Ну, далей вы самі можаце працягнуць.
 
2. Турызм спартыўны. Вось тут ужо пачынаюцца пытанні. З аднаго боку справа гэтая даволі папулярная. Ёсць некія турклубы, можна здаць нават на… не памятаю, што дакладна - катэгорыю? разрад? удзельнічаць у злётах і спаборніцтвах, перамагаць і прайграваць. Але такі падыход, насамрэч, пярэчыць самому паняццю “турызм”, бо турызмам, калі казаць строга, з’яўляецца перамяшчэнне чалавека ў прасторы з рэкрэацыйнай мэтай. Безумоўна, да яе могуць далучацца і іншыя мэты - пазнавальная, аздараўленчая, эстэтычная і г.д., але момант рэкрэацыі, адпачынку застаецца заўсёды. А які ж можа быць адпачынак на спаборніцтвах? Нездарма такога віду турызма няма нідзе, апроч краін былога СССР. Так, спартыўны турызм - выключна савецкае вынаходніцтва. Паколькі Савецкі Саюз быў краінай цалкам мілітарызаванай, і ўсё, што толькі можна было, выкарыстоўвалася для патрэбаў арміі і флота, турызм таксама патрапіў у сферу зацікаўленняў ДТСААФ як дысцыпліна, якая можа даць першапачатковыя навыкі выжывання ў дзікай прыродзе, падрыхтаваць да пераадолення значных адлегласцяў ва ўмовах бездарожжа і да таго падобнае. Цяпер дысцыпліна гэтая існуе хутчэй па традыцыі, хаця і ёсць, безумоўна, у яе свае апалагеты.
  
3. Турызм камфортны. Калі першыя два віды велатурызма ў нас нармальна прысутнічаюць, то з камфортным - поўная бяда. Што гэта такое? Ды, па вялікім рахунку, з назвы вынікае. Уявіце: захацелася сям’і Варашкевічаў (ці Хамоўскіх) пракаціцца на выхадныя на ровары з дзецьмі. Селі яны ў машыну, даехалі да пункта праката ровараў, які знаходзіцца адразу за кальцавой, там, дзе пачынаецца адна з турыстычных веладарожак, запаркавалі машыну і паселі на ўзятыя ровары. Безумоўна, тут жа яны набылі карту маршрута (хаця гэта было і не абавязкова, бо на веладарожцы ўсё пазначана), выпілі па малочным кактэйлі ў кавярні, якая знаходзіцца тут жа, селі на ровары і пакацілі. І ехалі яны па асфальтавай утульнай веладарожцы сярод лясоў, перыядычна спыняліся ля шапікаў і кавярняў і даехалі ажно да, напрыклад, Заслаўя. Там яны паглядзелі на архітэктурныя помнікі (безумоўна, веладарожка да іх вядзе), засяліліся ў гатэль (безумоўна, у іх не ўзнікла праблемы з тым, куды падзець ровары), пераначавалі і з радасцю вярнуліся ў Мінск на электрычцы.
  
Калі вас цікавіць экстрэмальны велатурызм, гэта азначае, што вы ўжо маеце хаця б першапачатковыя веды пра тое, як паставіць намёт, распаліць цяпельца, зрабіць есці на вогнішчы, а таксама маеце ровар з багажнікам, саквы (яны ж - велаштаны, кешэра і г.д.), намёт, спальнік... Ну, далей не буду пералічваць. А ў тым выпадку, калі вы з гэтым відам турызма яшчэ не знаёмыя, але маеце жаданне пазнаёміцца, можна, напрыклад, зайсці на сайт veloby.net альбо poechali.net. Там не толькі ёсць аб'явы аб паездках, да якіх можна далучыцца, але і шмат магчымасцяў нешта даведацца, атрымаць кансультацыю.
 
Магу, зрэшты, сказаць, што дадзены від велатурызма для мяне з'яўляецца ўлюбёным. Насамрэч, гэта ідэальнае (для мяне) спалучэнне адпачынку, фізічнай актыўнасці, прыроднай рамантыкі і магчымасці пабачыць тое, што інакш, як з сядла ровара, амаль немагчыма пабачыць. Ніжэй - некалькі здымкаў з маіх паездак.


















 
Да ўсяго іншага дам некалькі парадаў.
 
1. Калі вы выпраўляецеся ў падарожжа на ровары, не едзьце з заплечнікам - пастаўце багажнік і купіце саквы на яго. Справа ў тым, што лішнія сто грамаў на спіне вельмі непрыемна ўплываюць на пятую кропку, а вось лішнія пару кілаграмаў на багажніку амаль ролі не адыгрываюць.
 
2. Заўсёды майце дзве аптэчкі - веласіпедную і чалавечую. Першую можна купіць у зборы - яе варыянтаў даволі шмат, і камплектацыяй яны фактычна не адрозніваюцца, хіба што якасцю выканання інструментаў. Галоўнае, каб ў яе ўваходзіў клей і латкі для камеры (можна, зрэшты, купіць асобна). А вось з чалавечай - бяда. Я даўно шукаю ў Мінску нармальную, кампактную аптэчку, але ўсё, што ёсць - гэта аўтамабільныя, якія для нас занадта вялікія па аб'ёме, хаця і змяшчаецца там не так шмат. Таму трэба яе камплектаваць самому, кладучы туды бінт, перакіс вадароду, пластыры, а таксама таблеткі - каму якія трэба.
 
3. Асвятленне! Пярэдні і задні ліхтарык - гэта тое, без чаго ехаць нельга ніколі і нікуды. Не зважаючы на доўгія летнія дні абавязкова надарыцца выпадак, калі ехаць давядзецца ўночы. А быць на дарозе ўночы без асвятлення - гэта проста адзін з варыянтаў самагубства. Да таго ж ліхтарык заўсёды спатрэбіцца вам на месцы стаянкі.
 
4. Зусім не абавязкова ехаць на ровары адразу ад дома - можна дабрацца да нейкай кропкі, ад якой будзе пачынацца ваш асабісты маршрут. І лепш за ўсё ў гэтым нам дапамагае беларуская чыгунка. У электрычцы альбо дызелі ровар можна правозіць альбо за грошы (купляецца асобны квіток на ровар, які каштуе столькі ж, колькі і квіток на чалавека), альбо ровар павінен быць разабраны і ў чахле. Можна таксама ехаць пасажырскім цягніком. Квіткоў тут ніякіх не прадугледжана, але ровар разабраны і ўпакаваны праваднікі, сціснуўшы зубы, прапускаюць, пасля чаго трэба пакласці свайго каня адначасова на дзьве багажныя паліцы. Толькі ні ў якім выпадку не едзьце ў купэ - туды ровар проста не ўлезе. Толькі плацкарт!
 
5. Прыбірайцеся. Ведаеце, што мяне асабіста найбольш здзіўляе ў такіх паездках? Тое, што ў любым, самым недаступным месцы, абавязкова знойдзецца бутэлька з-пад піва. Сярод непралазных лясоў, балатоў, на выспе абавязкова адшукаецца нейкая паскудная прыкмета цывілізацыі. Элементарная логіка кажа пра тое, што калі вы ўжо змаглі давезці поўную бутэльку, то пустую забраць з сабой зможаце таксама. Таму - прыбірайцеся! Не псуйце адпачынак тым, хто паедзе пасля вас.
  
Што датычыцца велатурызму спартыўнага, то пра яго я нічога казаць не буду. Хто ім цікавіцца, той разбіраецца ў ім лепш, чым я, а хто не цікавіцца - таму і не трэба.
  
Велатурызм камфортны толькі-толькі пачаў у нас развівацца, і дзяржава нашая да гэтага дачынення не мае зусім. А маюць дачыненне гаспадары аграсядзібаў і Мінскае роварнае таварыства. Шмат у якіх аграсядзібах прапаноўваюць ровары напракат. Прыехалі туды, пакаталіся, пакупаліся... Файны варыянт адпачынку, як на маю думку. А Мінскае роварнае таварыства ўзялося за стварэнне сайта, на якім былі б сабраныя ўсе маркіраваныя велатурыстычныя маршруты. Безумоўна, маршруты таксама і маркіруюцца. Першыя крокі былі зроблены ў Валожнынскім раёне, каля аграсядзібы "Марцінова гусь". Таму калі вы пабачыце недзе вось такія знакі
  





  
- не палохайцеся. Гэта проста маркіроўка веламаршрута, па якім можна з задавальненнем праехацца, ды яшчэ дабрацца да месца камфортнага адпачынку.
 
Асабіста я вельмі спадзяюся, што дадзены варыянт велатурызма будзе ў нас развівацца, і праз некаторы час кожны зможа з задавальненнем і камфортам праехацца на ровары ў любым рэгіёне нашай краіны. 
-25%
-10%
-15%
-10%
-50%
-55%
-40%
-20%
-20%