• Архив новостей
  • Архив новостей
    ПН ВТ СР ЧТ ПТ СБ ВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345
реклама

реклама
реклама


Автоблоги


Фота: аўтара, Сяргея Раманоўскага і Нэлі Арцёменка,


 
Адным цудоўным чэрвеньскім вечарам гады два таму вырашылі мы з сябрамі пападарожнічаць па Уздзеншчыне на роварах. І ўжо ў бліжэйшую суботу зранку мы сустрэліся на станцыі Інстытут культуры, набылі квіткі на электрычку ды паехалі.



Ад станцыі Энергетыкаў да г.Узда дарога ў 20 км пралятаецца хутка.

Даехаўшы да мястэчка, адразу кіруемся да Крыжаўздзвіжанскага касцёла. Храм быў збудаваны з дрэва ў 1798 г., а цагляная брама ля яго - напачатку XX ст. Доўгі час тут месціўся Дом культуры, але цяпер будынак прызнаны аварыйным і паціху разбураецца.




Праз дарогу ад касцёла стаіць царква Св. Пятра і Паўла, 1905 г. пабудовы - вельмі традыцыйнае для беларускіх мястэчак суседства. У горадзе захавалася і шараговая забудова к.ХІХ – пач. ХХ ст. (бровар, будынак пачатковага вучылішча ды інш.)

Ва Уздзенскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей (вул.Школьная 4а) мы патрапілі акурат у абед, таму давялося крыху пагуляць вакол. Затое пасля музейныя супрацоўнікі арганізавалі нам ахоўваемую велапаркоўку.

У музеі дзейнічае шэраг экспазіцыйных заляў, дзе можна пабачыць тое-сёё сапраўды ўнікальнае і цікавае (да прыкладу, крэсла з наднёманскага палацу Наркевічаў-Ёдкаў – адзінае, што захавалася ад усяго іх радавога багацця).

Асобна размешчаная этнаграфічная экспазіцыя “Хатка ганчара” адлюстроўвае асаблівасці сялянскага побыту XIX ст.

 



 

Не абмінулі мы і вядомую праз сваю незвычайную форму капліцу-пахавальню, узведзеную ўладальнікамі мясцовых земляў Завішамі ў 1800 г. Знайсці яе можна на могілках (мы заязджалі з боку вуліцы Першамайскай). Парадавала, што нягледзячы на багатую расліннасць наўкола, сам склеп дагледжаны і не нагадвае сметнік.

Нарэшце рушылі далей. Неўзабаве збочылі на палявую дарогу, што бяжыць між Нёманцам і меліяратыўным каналам.

І праз нейкі час патрапілі ў вёску Каменнае, на ўскрайку якой ляжаць некалі прынесеныя сюды ледніком валуны. Месца вакол вялізных камянёў выдатна абсталяванае для адпачынку. Гэтым мы і скарысталіся, зладзіўшы тут абед.

Наперадзе нас чакала сядзіба Наркевічаў-Ёдкаў “Малыскоўшчына” у вёсцы Наднёман. Праўда, дарогу да “панскага дома” мы знайшлі толькі дзякуючы падказкам мясцовых.

Ад прыгожага палацу ХІХ ст. сёння засталіся адно руіны. Напаўразбуранымі стаяць гаспадарчыя пабудовы і брама, толькі часткова захаваўся парк.

А вось у ХIХ ст. гэтыя мясціны былі цэнтрам вынаходніцтва, прыродазнаўства і медыцыны. Тут жыў і плённа працаваў фізік, медык і біёлаг Якуб Сармат Жыгімонт Наркевіч-Ёдка, навуковыя працы якога ведалі нават у далёкім замежжы. У 1888 г. прафесар абсталяваў у Наднёмане метэаралагічную станцыю і адкрыў першы на Беларусі санаторый для сухотных і нервовых хворых. Іх лячылі электратокам, фітатэрапіяй, гімнастыкай, мясцовай мінеральнай вадой і кумысам (дарэчы, каб заўсёды мець экзатычны напой, спецыяльныя пароды коней сюды прывозілі ажно з далёкай Башкірыі). У якасці лекавых сродкаў выкарыстоўвалі таксама сонечнае святло (у аранжарэі быў абсталяваны салярый) і музыку.

У 1921 г. маёнтак быў разрабаваны. Новыя ўлады вывезлі ў невядомым накірунку навуковае абсталяванне, кнігі з бібліятэкі, асабістую маёмасць былых уладальнікаў. Да Другой сусветнай вайны у палацы месціўся дзіцячы санаторый. Падчас ваенных дзеянняў будынак быў узарваны партызанамі, а пазней яго так і не аднавілі. Разбурэнні працягваюцца і дагэтуль...

Склеп на фамільных могілках Наркевічаў-Ёдкаў за савецкім часам быў моцна пашкоджаны, а пахаванні зняважаны. І толькі гадоў з пяць таму могілкі былі спарадкаваны.

У ваколіцах вёскі злучаюцца рэкі Нёманец, Уса, Лоша ды Тур’я, і пачынае свой шлях да Балтыйскага мора Нёман. У гэтым неверагодна прыгожым месцы мы і заночылі.

На другі дзень, ужо па дарозе да станцыі Энергетыкаў, мы зазірнулі ў вёску Першамайск, каб агледзець сядзібу Завішаў “Кухцічы”. На жаль, збудаваны ў першай палове ХІХ ст. сядзібны дом не захаваўся. Засталіся толькі левы і правы флігелі, вадзяны млын, рэшткі парку ды некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Усё гэта цяпер месціцца на тэрыторыі сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Левы флігель яшчэ некалькі год таму меў жыхароў, а правы ўжо даўна закінуты.

Побач знаходзіцца кальвінскі збор, узведзены ў 1560-70я гг. Пазней быў перабудаваны на касцёл, а ў далейшым выкарыстоўваўся як пахавальня мясцовых землеўладальнікаў. Аднак па меркаванні некаторых даследчыкаў, гэта перайманне Смаргонскага кальвінскага збору, створанае ў сяр. XIX ст. Як па мне, дык у любым выпадку помнік варты ўвагі.

Зазірнулі мы і ў вёску Кухцічы, дзе на старых мясцовых могілках стаіць каларытная драўляная царква к.ХІХ ст. Баюся, міне яшчэ некалькі год, і ад храма застануцца толькі парослыя мохам паваленыя дошкі.

Вось такім яно было, наша невялічкае падарожжа. 

Фатаграфіі аўтара, а таксама Сяргея Раманоўскага і Нэлі Арцёменка

Комментарии с форума

  • yurafantomas 10 февраля 2013 в 21:05

    Хорошее дело "путешествие выходного дня". Жаль только текст на беларусском, его я уже забыл совсем лет 15 прошло как школу закончил и ниразу на улице его не слышал.

  • genisimus 11 февраля 2013 в 22:12

    "Баюся, міне яшчэ некалькі год, і ад храма застануцца толькі парослыя мохам паваленыя дошкі." І каб гэтага не здарылася, нам ужо сёння трэба прымаць рашучыя меры па аднаўленню і захаванню гэтых помнікаў, каб перадаць спадчыну для будучых пакаленняў.

  • bonalita 12 февраля 2013 в 15:22

    Дзякуй, Настасся! Вельмi прыемныя ўспамiны! (Буч)

  • QTK 12 февраля 2013 в 15:30

    Амаль шта гэтым жа маршрутам вандраваў. У пазатым годзе. І так сама перакус быў на гэтых камянюках. Дзякуй за напамін, Настасся.

  • курбиндиев 13 февраля 2013 в 10:46

    genisimus (11.02.2013 22:12) писал(a):
    "Баюся, міне яшчэ некалькі год, і ад храма застануцца толькі парослыя мохам паваленыя дошкі." І каб гэтага не здарылася, нам ужо сёння трэба прымаць рашучыя меры па аднаўленню і захаванню гэтых помнікаў, каб перадаць спадчыну для будучых пакаленняў.
    у лютым 2012 года яе зруйнавалі http://forum.globus.tut.by/viewtopic.php?t=3263