• Дорога
  • Тест-драйвы
  • Видео
  • Эксклюзив
  • Автобизнес
  • Происшествия
  • Офтоп
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС

Автоблоги


фота Настассi Жарскай i Сяргея Раманоўскага,

Праграма чарговага велападарожжа выдалася насычаная: за два дні мы праехалі каля 110 км і агледзелі 7 старадаўніх сядзібаў.

 
Старт падарожжу быў дадзены ў Ляхавічах. Са сталіцы туды можна лёгка патрапіць электрычкамі, зрабіўшы перасадку ў Баранавічах.
Спярша мы накіраваліся да сядзібы ў вёсцы Нача. Паблукалі крыху сярод старой шараговай забудовы ды з дапамогай мясцовага хлапчука знайшлі “панскі дом”, радавое гняздо шляхцічаў Чарноцкіх. Тэрыторыю былога маёнтка цяпер займае завод па вытворчасці яблыневага воцату. Апроч палацу, збудаванага ў 1810-15 гг., тут захаваўся стары парк. Знаходзіцца ён “за прахадной” і выглядае даволі недагледжаным.
 


 
Папалудневаўшы ў прыгожым яблыневым садзе, паехалі далей. Сядзібу Нача Свянціцкая знайсці атрымалася толькі пасля чарговай кансультацыі з мясцовымі. Землямі тутэйшымі валодалі розныя шляхецкія роды. Гаспадарскі ж дом быў збудаваны Свянціцкімі ў сяр. 19 ст. Зараз ён жылы, знаходзіцца ў добрым стане (прынамсі, так падалося звонку). А яшчэ тут захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы і рэшткі парку.


 
Атрымліваючы асалоду ад дарогі ды краявідаў, мы зусім забыліся на час і крыху выбіліся з графіку. І патрапілі ў Клецк, калі ўжо пачынала вечарэць. А паколькі яшчэ заставаліся запланаваныя для наведвання аб’екты, у мястэчку мы агледзелі толькі Уваскрэсенскую царкву – былы дамініканскі касцёл, узведзены ў 1683 г. Побач знаходзіцца і жылы корпус кляштару дамініканаў 1784-1810 гг. Пасля паўстання 1830-31 гг. касцёл быў пераасвечаны на праваслаўную царкву. За савецкім часам там месціўся філіял механічнага заводу, а пасля вяртання вернікам старадаўні храм быў адрэстаўраваны. На жаль, з 2008 г. недарэчныя а-ля “старадаўнярускія” цыбуліны на вежах (аб’ект нядаўняга скандалу) значна псуюць яго выгляд.

 
Закупіўшы прадукты да вячэры, рушылі ў кірунку летняй рэзідэнцыі Радзівілаў у Радзівілімонтах (зараз гэта вёска Чырвоная Зорка). Дакладней, мы паехалі паглядзець на тое, што ад яе засталося. Вельмі выразна кідаецца ў вочы, што апошнія дзесяцігоддзі занядбання дабілі палацык. Збудаваны у 1780-83 гг. у стылі класіцызму па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані, ён быў цікавы тым, што спалучаў традыцыі драўлянага і каменнага дойлідства. Так, яго цэнтральная двухпавярховая частка была ўзведзена з цэглы. А карнізы, калоны ды некаторыя іншыя элементы выкананы з дрэва і “замаскіраваны” пад мур. Сядзіба перажыла шматлікія перабудовы: за савецкім часам яе прыстасавалі пад школу, пазней тут месціўся клуб, дзіцячы садок, бібліятэка. Аднак з 1970х гг. памяшканні засталіся без гаспадара. Мясцовы старшыня, “ахоўваючы” каштоўны помнік архітэктуры, адно абгарадзіў яго хісткім плотам. Але гэта, зразумела, ніякім чынам не замінае паступоваму пераўтварэнню тэрыторыі маёнтка ў сметнік.


 
Паразважаўшы над гаротным становішчам нашых помнікаў, мы накіраваліся да сядзібы ў Янавічах. Гаспадарскі дом быў закладзены Яленскімі напрыканцы 18 - напачатку 19 ст. Будынак, у архітэктуры якога спалучыліся рысы барока і класіцызму, пакуль застаецца жылым, але патрабуе неадкладнага рамонту. Большая частка дома ўжо закінутая, а мясцовыя жыхары ўвогуле не лічаць яго за гісторыка-культурную каштоўнасць. Замест парку вакол сядзібы цяпер раскінуліся агароды ды паціху падступаюць прыватныя дамы суседзяў.


 
Перад пошукамі месца для начлегу паспелі завітаць на сядзібу ў Стралкава, якая належала роду Стралкаў. Гаспадарскі дом быў збудаваны ў 1909 г. у формах неакласіцызму. Захаваліся таксама брама і гаспадарчыя пабудовы пач.20 ст.
З прыходам саветаў панская маёмасць была падзелена паміж шматлікімі квартарантамі. Камунальнае жыццё у сценах старадаўняй сядзібы асабліва не спрыяла яе захаванню, будынак паступова разбураўся. Аднак нядаўна яго выкупіў мясцовы прадпрымальнік, які спрабуе аднавіць былую веліч маёнтка.
 
Увага! Тэрыторыя сядзібы з’яўляецца прыватнай уласнасцю і ахоўваецца злымі сабакамі. Аднак працуе там і цікавы дзядзечка-ахоўнік, які распавёў нам пра гісторыю фальварка, а таксама падзяліўся сваімі пра гэтыя мясціны ўспамінамі. Акрамя таго, ён даў слушныя парады, дзе ў ваколіцах можна знайсці неблагую стаянку.

 
На наступны дзень дарога прывяла нас да маёнтка Туча, які некалі належаў вышэй згаданым ужо Яленскім. Збудаваная напрыканцы 18 ст. у стылі класіцызму, сядзіба выглядае занядбанай, рэшткі парку таксама недагледжаныя. Шматлікія ж гаспадарчыя пабудовы к.19–пач.20 ст., насупраць, захаваліся даволі няблага. Некаторыя з іх выкарыстоўваюцца і дагэтуль.


 
Каб крыху скараціць шлях, абралі дарогу праз в.Слабада. І цудоўнай сцежкай праз палі ды лясы даехалі да вёскі Савейкі, дзе пабачылі найпрыгажэйшы пункт на гэтым маршруце. Тамтэйшая сядзіба хоць і нежылая зараз, але пакінула адно з самых прыемных уражанняў. Маёнтак у розныя часы належаў некалькім шляхецкім родам, апошнімі ўладарамі былі Навіцкія. Палац верагодна збудаваны ў сяр. 19 ст., за саветамі у ім месціўся санаторый. Апроч таго, захаваліся гаспадарчыя пабудовы, а таксама прыгожы вялізны парк і сажалка.
 



 
Ад’ехаўшы які кіламетр ад Савейкаў у кірунку на в. Гайнінец, на мясцовых старых могілках можна пабачыць руіны капліцы-пахавальні 19 ст.


 
Папалудневаўшы ў савейкаўскім парку на беразе маляўнічай сажалкі, мы рушылі на Ляхавічы. Дзе і завяршылі наша вераснёўскае велападарожжа.

Нужные услуги в нужный момент
-10%
-30%
-80%
-35%
-35%
-15%
-10%
-25%
-41%
0058758