• Дорога
  • Видео
  • Эксклюзив
  • Автобизнес
  • Новинки / тест-драйвы
  • Происшествия
  • Автоспорт
  • Офтоп
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС

Автоблоги


Ігар Скрыпка,

Iгар Скрыпка
Iгар Скрыпка
Дзіўная наша цывілізацыя! Паводле статыстыкі сярэдні тэрмін жыцця чалавечага за апошнія, скажам, гадоў сто, павялічыўся. Але пры гэтым жывем мы так, нібы вось-вось – гамон, смерць і канец свету

Заўважце самі: кожны сезон мы абнаўляем гардэроб, кожныя дзесяць год перасяляемся ў новую кватэру, кожныя два-тры мяняем машыну (ці іншы транспартны сродак), кожныя гадоў пяць - мэблю. Пры гэтым – дзіўная сітуацыя! – тое, што мы купляем, не зважаючы на недаўгавечнасць, не становіцца танней. Наадварот, цэны ўсё растуць, растуць… Вось, для прыкладу, возьмем звычайны веласіпед.
 
Дваццаць год таму нікому б і ў галаву не прыйшло, што ровар можа каштаваць пяцьсот даляраў і мяняцца кожны сезон-два. Куплялі мінскі за сто рублёў і ездзілі на ім гадамі. А потым яшчэ ўнукам перадавалі. Ды што там казаць! Свой першы ровар я ўвогуле сабраў з дэталяў, што валяліся ў нашым сараі. Сабраў ды лётаў так, як, можа, не лётаю зараз на сваім “Bianchi”.
Гэта я ўсё да чаго? Ды проста да таго, што ў Мінску апошнім часам з’явілася шмат людзей, у якіх ёсць веласіпед (і гэта проста цудоўна!), мноства людзей хочуць яго займець (выдатна!), але набываюць (ці хочуць набыць) у адпаведнасці з сучаснымі цывілізацыйнымі тэндэнцыямі – задорага і ненадоўга. І вось менавіта пра гэта хочацца мне паразважаць.
 
Калі чалавек упершыню набывае ровар, дык думае, што на яго можна сесці і ездзіць. Шаноўныя, не падманвайцеся! Па-першае трэба сказаць, што механізм, які не ламаецца, чалавецтва яшчэ не прыдумала. А адно з асноўных правілаў тэорыі сістэмаў сцвярджае, што чым больш у сістэме элементаў, тым больш верагоднасць яе паломкі. Тармазныя калодкі, ланцуг, пярэднія і заднія зорачкі… Усё гэта давядзецца мяняць прыблізна раз на сезон. Гэта не стары “Аист”, які трэба было толькі змазваць час ад часу ды падкручваць гайкі. Таму калі будзеце купляць веласіпед, не спадзявайцеся на тое, што ў яго больш нічога не давядзецца ўкідваць. Усе яны зробленыя ў адпаведнасці з сучаснымі культурнымі патрабаваннямі: дорага, прыгожа і ненадзейна. Да таго ж літаральна праз месяц катання вам абавязкова захочацца нешта памяняць/дадаць/палепшыць. Ці мо сядло, ці руль, ці яшчэ якую трасцу – у ровара такіх “заманух” хапае.
 
Усе парады аб набыцці веласіпеда пачынаюцца з аднаго: вызначыцеся, які від веласіпеда вам трэба. Ці то шосавы, ці то дзёртавы, ці то гібрыд, ці мо двухпадвес… І з аднаго боку гэта, безумоўна, лагічна. Ты ведаеш, як хочаш ездзіць, і пад гэта набываеш “каня”. Ды толькі вось пытанне: як вызначыцца са стылем катання чалавеку, які ніколі да гэтага не ездзіў (дзіцячыя забаўкі ў разлік не прымаем)? А ўсё вельмі проста, калі ведаць, што ровар – гэта транспарт, асноўным прызначэннем якога з’яўляецца дарэнне радасці свайму ўладальніку. Хочаце купіць ровар? Ідзіце і купляйце той, які вам асабіста падабаецца. Усё!
 
Канечне, вы можаце звярнуцца да знаёмага веласіпедыста, які доўга будзе расказваць вам аб перавагах той ці іншай сістэмы пераключэння перадачаў, ходзе амартызацыйнага відэльца, якасці пакрышак і г.д. Ён задурыць вам галаву, і вы купіце не той ровар, які асабіста вам даспадобы, а той, які, нібыто, “круты”. Хутчэй за ўсё ён будзе добры, але ж ён павінен дарыць ВАМ радасць, а не вашаму знаёмаму!
 
А цяпер, панове, пра цану. Нармальны сярэдні ровар каштуе недзе 150 даляраў. Усё, што вышэй – нацэнкі гандлю, рэкламы, брэнда і г.д. Таму калі вы набываеце ровар з магчымасцю пераключэння перадач і пярэдняй амартызацыяй за 150 баксаў – лічыце, што вы заплацілі правільную цану. І паверце, што пасля 150 даляраў кожныя наступныя 50 паляпшаюць яздзецкія якасці веласіпеда недзе на даляраў на 10. То бок калі вы набылі веласіпед за 400 $, ездзіць ён будзе прыблізна на 200 $. Ні ў якім выпадку не заахвочваю да таго, каб купляць толькі найтаннейшыя агрэгаты! Я проста хачу, каб вы ўсведамлялі, за што плаціце.
 
А цяпер давайце сабе ўявім, што вы прыйшлі ў краму, выбралі веласіпед, пагадзіліся з цаной і… Не, вось тут пачынаецца вельмі важная справа, якая патрабуе мінімума ўвагі і прыносіць максімум эфекту. Гаворка ідзе пра памер рамы. Вельмі часта даводзіцца назіраць у Мінску дзяўчат (чамусці найбольш менавіта дзяўчат) на роварах, якія прызначаны для людзей прыблізна ў паўтара разы большых за гэтых дзяўчат ростам. Пры гэтым табліцы памераў рамаў і іх адпаведнасці з ростам чалавека існуюць вельмі даўно. Каб не дурыць асабліва сабе галавы, узяў адну з іх з http://dreambikes.ru. Вось яна.
 
Размер рамы, дюймы
Ваш рост, см.
Размер рамы, cm.
Размер рамы, условн.ед.
Обозначение
13"
130 - 145
33
XS (XSmall)
Минимальный
14"
135 - 155
35,6
XS (XSmall)
Минимальный
15"
145 - 160
38,1
S (Small)
Малый
16"
150 - 165
40,6
S (Small)
Малый
17"
156 - 170
43,2
M (Meduim)
Средний
18"
165 - 178
45,7
M (Meduim)
Средний
19"
170 - 180
48,3
L (Large)
Большой
20"
178 - 185
50,8
L (Large)
Большой
21"
180 - 190
53,3
XL (XLarge)
Очень большой
22"
185 - 195
55,9
XL (XLarge)
Очень большой
23"
190 - 200
58,4
XXL (XLarge)
Максимальный
24"
195 - 210
61
XXL (XLarge)
Максимальный
 
Ніякія тармазы, сядло, колькасць зорачак і г.д. не маюць такога значэння, як памер рамы. Таму на гэта абавязкова трэба звярнуць увагу. На жаль у велакрамах далёка не заўсёды прадаўцы могуць (хочуць?) прадаць ровар з правільным памерам.
І яшчэ адна рэч, пра якую, на маю думку, не так часта ўзгадваюць. Шаноўныя, калі вы купляеце ровар, купіце адразу ліхтарыкі – пярэдні і задні. Хай яны будуць самыя танныя, але хай будуць. Заўважыць чалавека ў прыцемках не так лёгка, а хуткасць, з якой перамяшчаецца веласіпедыст, часта не дае магчымасці зарзумець, што вось гэты цень, які толькі што недзе там прамільгнуў, можа трапіць табе пад колы/ногі.
 
І на заканчэнне дам кароткае рэзюмэ: купляйце той ровар, які вам падабаецца і катайцеся так, каб вялікая доза добрага настрою акупіла ўсе тыя грошы, якія вы абавязкова пераплаціце.
Нужные услуги в нужный момент
-35%
-25%
-10%
-35%
-20%
0057470